Верныя клятве Гіпакрата. Імі ганарыцца Клічаўшчына

“«Людзі ў белых халатах» - так з любоўю называе народ сваіх медыкаў. Мы, партызанскія ўрачы, фельчары, медсёстры, санітары не хадзілі ў звычнай для медыкаў уніформе. На тое былі свае прычыны, так дыктавалі нам трывожныя абставіны тых дзён. Але і без белых халатаў кожны з нас нёс на сваіх плячах тую велізарную адказнасць за жыццё і здароўе людзей, якую ўскладвала на нас наша прафесія.”
Гэты ўспамін належыць нашаму земляку Кнігу Мікалаю Паўлавічу, вядомаму беларускаму прафесару-аталарынголагу. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён у званні ваеннага ўрача 2-га ранга ўзначальваў санітарную службу ў Клічаўскай партызанскай зоне.
28 студзеня споўнілася 115 год з дня нараджэння Мікалая Паўлавіча. Нарадзіўся ён у 1902 годзе ў вёсцы Коўбча Клічаўскага раёна. Перад вайной, у 1929 годзе, скончыў медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Займаўся навуковай дзейнасцю, працаваў асістэнтам у адной з клінік горада Мінска.

Пра яго ваенныя гады нагадваюць асабістыя дакументы, якія захоўваюцца ў раённым краязнаўчым музеі.
З даведкі ад 12 ліпеня 1944 года, заверанай подпісамі сакратара Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)Б Маўчанскага Дзмітрыя Сцяпанавіча і камандзіра абласной ваенна-аператыўнай групы падпалкоўніка Сідарэнкі-Салдаценкі Савелія Герасімавіча: “У маі 1942 года Кніга Мікалай Паўлавіч арганізаваў у вёсцы Коўбча партызанскі атрад, які быў уключаны ў склад 278-га спецатрада пры Клічаўскім падпольным РК КП(б)Б. Камандаваннем атрада зацверджаны на пасаду начальніка санітарнай службы, у якой знаходзіўся з чэрвеня 1942 года па кастрычнік 1943 года. З утварэннем ваенна-аператыўнай групы пры Клічаўскім падпольным РК КП(б)Б узначальваў санітарную службу ВАГ з кастрычніка 1943 года па сакавік 1944 года. З сакавіка па чэрвень 1944 года з’яўляўся начальнікам санітарнага аддзела пры Магілёўскім падпольным абкаме КП(б)Б.
За бездакорную службу, самаахвярную работу па развіццю партызанскага руху і партызанскай барацьбы Кніга Мікалай Паўлавіч узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны“ 1-й ст. і прадстаўлены да ўрадавых узнагарод – ордэна Леніна і ордэна Чырвонага Сцяга”.
Начальнік санітарнай службы займаўся не толькі арганізацыяй медыцынскага абслугоўвання ў Клічаўскай партызанскай зоне. Ён прымаў удзел у баявых аперацых, хадзіў у разведку, “чым заслужыў вялікую павагу партызан і мясцовага насельніцтва”. Да ўзнагарод партызана дабавіліся яшчэ два медалі: “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” (пасведчанне да медаля выдадзена 26 верасня 1945 года начальнікам Беларускага штаба партызанскага руху) і “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” (пасведчанне да медаля выдадзена 23 лістапада 1945 года старшынёй выканаўчага камітэта Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных).
Усваіх успамінах аб мінулай вайне Мікалай Паўлавіч напісаў аб рабоце партызанскіх медыкаў Клічаўскай партызанскай зоны.
Найбольш цяжкімі для партызанскіх медыкаў сталі восень і зіма 1941 г. Партызаны вялі бясконцыя баі з акупантамі, пастаянна мянялі месца дыслакацыі, здзяйснялі далёкія пераходы. У атрадах не хапала вопытных урачоў, медыкаментаў і інструментаў.
Вопытныя ўрачы з пачаткам вайны былі прызваныя ў армію, на фронт. Многія з іх апынуліся ў варожым палоне.
Доўгія месяцы ўрач-педыятр Макараў Аляксей Пятровіч знаходзіўся ў Крычаўскім і Лупалаўскім лагерах для ваеннапалонных. І толькі ў 1943 годзе яму ўдалося вырвацца адтуль. Пасля блуканняў і пакутаў апынуўся на Клічаўшчыне, стаў урачом у партызанскім атрадзе Ізоха І.З.
На першым этапе вайны медыцынскую дапамогу параненым партызанам аказвалі, у асноўным, ваенфельдчары, мядсёстры, акушэры. Санітарамі станавіліся жанчыны з навакольных вёсак. Так, абавязкі ўрача ў атрадзе Ізоха І.З. выконваў санінструктар Жыцелеў Міхаіл Паўлавіч. Яму дапамагалі мядсёстры Сямак Ніна, Ламакіна Антаніна, Бабяк Галіна, Заяц Ася.
На медыкаў у тыя дні глядзелі як на выратавальнікаў, а яны часта не мелі самага неабходнага. Нярэдка параненыя і хворыя заставаліся інвалідамі ці паміралі ад простых нескладаных ран і хвароб.
«Бадай, самай першай і самай крыўднай маёй няўдачай была смерць Яна Карлавіча Вітоля. Адзін з арганізатараў партызанскага руху ў Клічаўскім раёне, Ян Карлавіч быў паранены 20 сакавіка 1942 года ў час бою за вызваленне раённага цэнтра. Пацярпеўшых у тым баі было нямала. Усіх іх даставілі ў вёску Бярозавае Балота і размясцілі ў сялянскай хаце. Разам з фельдчарам Антонам Мікалаевічам Капскім аглядзелі параненых, зрабілі неабходныя перавязкі. Ян Карлавіч стагнаў ад болю. Куля накасую прашыла яму жывот. Патрабавалася тэрміновая хірургічная аперацыя. Але у нас не было анэстызіруючых зродкаў, каб суцішыць яму боль. Жыццё нашага таварыша дагарала на нашых вачах”.
Аб цяжкім становішчы хворых і параненых, аб вострай недастачы кваліфікаваных медработнікаў напісаў у ЦК КП(б)Б сакратар Клічаўскага падпольнага РК КП(б)Б Заяц Якаў Іванавіч. Ён настойліва прасіў камандзіраваць урача-хірурга з хірургічнымі інструментамі, перавязачным матэрыялам, эфірам, хлараформам, стэрылізатарам і малой уцепленай палаткай.
Пасля вызвалення раёна вясной 1942 года працаваць медыкам стала крыху лягчэй. Яны збіралі ўсё, што засталося ў разгромленных акупантамі амбалаторыях і бальніцах раёна. У лесе былі абарудаваны зямлянкі для паліклінікі і хворых.
Партызанскія медыкі прымянялі ў сваёй практыцы і народны вопыт лячэння. Грыпозных хворых прагравалі парам. Хворыя дзёсны змазвалі саляным растворам, давалі піць адвар з сасновых іголак. Рот паласкалі адварам з дубовай кары. Пераломы касцей шыніравалі палачкамі ці дошчачкамі. Заражаныя гангрэнай канечнасці ўдалялі пілой. Наркозам пры аперацыях служыў самагон у вялікіх дозах. Мох замяняў вату. Хірургічныя інструменты выраблялі з кос і піл у кузнях і зброевых майстэрнях.
Самародкам у медыцынскай справе быў фельдчар з Коўбчы Капскі Антон Мікалаевіч. Ён праводзіў хірургічныя аперацыі па ўдаленню апендыкса, ампутацыі канечнасцей. Памёр пры трагічных абставінах у 1943 годзе.
З ліпеня 1942 года ў Клічаўскую партызанскую зону сталі прылятаць самалёты з Вялікай Зямлі. Разам са зброяй і боепрыпасамі лётчыкі дастаўлялі партызанам медыцынскіх работнікаў, лекі, інструменты, перавязачны матэрыял. На зваротным шляху яны вывозілі цяжкапараненых партызан. За гады акупацыі з Клічаўскай партызанскай зоны былі адпраўлены за лінію фронта звыш 300 параненых партызан.
Людзі ў варожым тыле адчувалі сябе не пакінутымі Радзімай. У партызанскіх атрадах ствараліся санітарныя часці. У санчасці 208-га партызанскага атрада імя І.В. Сталіна працавалі хірург, тэрапеўт і два фельдчары. З’явілася магчымасць больш дасканала праводзіць хірургічныя аперацыі і ампутацыю.
З 1943 года медыцынскае забеспячэнне партызан узначальваў Беларускі штаб партызанскага руху. Медыка-санітарны аддзел пры БШПД перадаваў у партызанскія атрады індівідуальныя нумарныя аптэчкі.
Аптэчка № 1 – для санінструктара, № 2 – для фельдчара, № 3 – для ўрача. Акрамя аптэчак лётчыкі прывозілі “спецыяльны медыцынскі груз”: абарудванне для складаных хірургічных аперацый, лячэння зубоў, анэстэзіруючыя і антэсіптычныя зродкі, супрацьсталбнячныя і супрацьгагнгрэнныя сывараткі, медыкаменты і перавязачны матэрыял. Партызанскія медыкі былі ўдзячныя авіятарам за дастаўку прэпаратаў пеніцыліну і стрэптацыду.
Засылалася таксама медыцынская літаратура: указанні па ваенна-палявой хірургіі, тэрапеўтычныя даведнікі, лячэбныя настаўленні і інструкцыі. Усё гэта садзейнічала павышэнню прафесіянальнага вопыту партызанскіх медработнікаў.
Каб выратаваць жыццё людзей, партызанскія медыкі здзяйснялі гераічныя ўчынкі і нават подзвігі.
У час прарыву блакады 128-ы партызанскі атрад Свістунова В.П. не змог перабазіраваць у бяспечнае месца санітарную часць, у якой знаходзілася на лячэнні 27 цяжкапараненых партызан.
З імі пакінулі ўрача Пятроўскага Віктара Барысавіча і медсястру Маркаву Марыю Еўдакімаўну. Больш месяца яны лячылі і хавалі параненых у лесе і балотах. А потым даставілі іх на падводах у вёску Чырвонае, за шашу Мінск-Магілёў, дзе быў абарудаваны аэрадром. Яны прайшлі па варожых тылах каля 80 км. Ніхто з параненых не памёр. У гэтым, безумоўна, вялікая заслуга медыкаў Пятроўскага і Маркавай.
Партызанскія медыкі лячылі і мірных грамадзян, якія пражывалі ў крытычных умовах, без медыцынскіх сродкаў. Мірных людзей прыходзілася лячыць непасрэдна дома. Для гэтага патрабавалася дадатковая баявая ахова.
Пры аказанні медыцынскай дапамогі жыхарам вёскі Убалацце ўрач Вечаслаў Пянькоўскі і група партызан былі абстраляны немцамі. Пянькоўскі і старшы палітрук Сцяпан Беразоўскі загінулі.
У час наступлення Чырвонай Арміі акупанты наўмысна распаўсюджвалі інфекцыйныя захворванні сярод мірнага насельніцтва Беларусі. Яны ставілі перад сабой мэты: падавіць такім чынам волю людзей, якія дапамагалі партызанам, і праз іх заразіць наступаючыя савецкія войскі. Жыхары многіх вёсак Беларусі ў 1943-1944 гг. захварэлі сыпным тыфам.
Мела месца ўспышка тыфу і ў партызанскіх атрадах. Медыкі рабілі прывіўкі супраць сыпнога тыфу і інфекцыйных страўнікава-кішачных захворванняў.
У вёсцы Бёрда Клічаўскага раёна медыкі выявілі дыфтэрыю ў пяцігадовага хлопчыка. Але ў іх не было патрэбнай антытаксічнай сывараткі. Жыццё дзіцяці выратавала выпадковая сустрэча з настаўніцай Таццянай Доўгай, у якой аказаліся дзве ампулы неабходнай сывараткі.
З пісьма Героя Савецкага Саюза Ціхамірава свайму баявому таварышу: «Таварыш мой, сябра мой па зброі, пабрацім па пакутах! Успомні імёны медыкаў, якія ратавалі наша жыццё. Раскажы сваім дзецям і ўнукам аб іх мужнасці, вернасці і любові да сваіх воінаў. Пакланіся ім да зямлі, пацалуй іх рукі, якія мылі твае і мае акрываўленыя бінты. Паглядзі на іх галовы – гэта з-за цябе і мяне яны пасівелі…”
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Кніга Мікалай Паўлавіч аднаўляў работу Мінскага медыцынскага інстытута. У 1952 годзе ён узначаліў у інстытуце кафедру хвароб вуха-горла-носа. Праз тры гады (1955) стаў доктарам медыцынскіх навук. Яшчэ праз тры гады (1958) – прафесарам, галоўным аталарынголагам Міністэрства аховы здароўя БССР. З 1962 г. узначальваў навуковае таварыства оталарынголагаў Беларусі.
Мікалай Паўлавіч пражыў 70 гадоў, яго не стала ў 1972 годзе. Ад яго нашчадкам засталася шчодра спадчына - больш 60 навуковых прац і добрая светлая памяць аб сабе.
Падрыхтавала Т.М. Касцюкевіч, галоўны захавальнік фондаў раённага краязнаўчага музея

Спіс навуковых прац і кароткі біяграфічны нарыс можна ўбачыць тут.

442