У КЛІЧАЎСКІМ КРАЯЗНАЎЧЫМ МУЗЕІ ПРАЦЯГВАЕЦЦА РЭАЛІЗАЦЫЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ “ТВОРЧАСЦЬ БЕЗ МЕЖАЎ”

15 кастрычніка музей запрасіў усіх жадаючых на чарговы майстар-клас “Птушачка ў тэхніцы выцінанкі”. Праводзіла яго Ганна Пракаповіч, навучэнка ДУДА “Клічаўскі цэнтр дадатковага навучання дзяцей і моладзі” (установы-партнёра ініцыятывы “Творчасць без межаў”) разам са сваім педагогам Жанай Міхайлаўнай Канапліцкай.

Пераймалі сакрэты гэтага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вучні 7 класа СШ №1 г. Клічава, дзе класным кіраўніком Вольга Станіславаўна Ціцяк. Вядома, падлеткі ўжо крышку знаёмыя з выцінанкай: хто ж у дзяцінстве ў пераднавагоддзе не выразае з паперы сняжынкі на акно? Але зараз, на музейным майстар-класе, прапаноўвалася праца на зусім іншым творчым узроўні. Патравалася выразаць з паперы выраб дзіўнай прыгажосці – ажурную птушку шчасця, а дакладней сойку – сімвал Клічаўскага раёна. І Аня, і Жана Міхайлаўна вучылі, дэталёва паказвалі, якім чынам складаць паперу, як выразаць нажніцамі ўзор, каб была сіметрыя. Дзеці і працавалі, і адначасова слухалі цікавы аповед аб выцінанцы – старажытным відзе славянскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яшчэ ж не так даўно, у Беларусі ХIХ – першай паловы ХХ ст., выцінанкі ўжываліся для афармлення жылля, выкарыстоўваліся як частка аздаблення інтэр’ера на святы, асобных прадметаў (падзоры на паліцы, суднікі, вушакі дзвярэй, бардзюры на рамы) і г.д. А сучасная беларуская выцінанка або вытынанка (ад украінскага “вытынаць”, выразаць) вызначаецца разнастайнай тэматыкай, тэхнікай выканання, дызайнерскімі рашэннямі, але заўсёды арыетуеццца на народныя традыцыйныя матывы.

Хацелася б сказаць, што Аня Пракаповіч, як аўтар-творца, – удзельніца сацыяльнай выстаўкі “Творчасць без межаў”. Яна з маленства свая ў свеце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, да якога яе прызвычаіла маці, Аксана Віктараўна, кіраўнік гурткоў Цэнтра. А пасля дзяўчынка стала навучэнкай гэтай установы, займаецца ў розных педагогаў, у тым ліку ў Жаны Канапліцкай, таму на добрым узроўні валодае рознымі тэхнікамі ДПМ. На вернісажы ж прадстаўлены яе скульптуры “Снежны Кароль” і “Снегавік”, якія выкананы з розных фактур.

Нагадаем, што ў музеі гэты майстар-клас быў ужо трэці па ліку. Прыемна адзначыць, што імі цікавяцца не толькі дзеці, а і дарослыя. Гэтым разам мне мне давялося пазнаёміцца з сям’ёй клічаўлян Солтан: Вольгай Пятроўнай і яе дочкамі, 14-гадовай Джэсікай і 12-гадовай Ганначкай.

Вольга Пятроўна расказала, што ўсе яе трое дзяцей: і дочкі, і меншы сынок, трэцякласнік Валера, займаюцца ў ДУДА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” ў гуртках “Вясёлы пэндзлік” і “Краіна майстроў” у Жанны Канапліцкай. Яны прыйшлі сюды, каб пазаймацца на гэтым цікавым майстар-класе. Яна ж працуе ў Мінску, а калі прыязджае дадому, то хоча ўвесь час быць з дзецьмі, цікавіцца іх справамі, захапленнямі. Тым больш, што ў сваім дзяцінстве яна таксама і малявала, і танцамі займалася. Птушка шчасця ў Вольгі Пятроўны атрымалася прыгожая, і нейкая асабліва пяшчотная. Дарэчы, тут на сацыяльнай выстаўцы “Творчасць без межаў” экспануюцца і работы яе Ані – карціны воўнай (“Воўнавая акварэль”) у тэхніцы сухога і мокрага качання. Сапраўды, надзвычай дзіўныя рэчы, якія могуць упрыгожыць і жыллё, і прыўнесці ў настрой светлыя ноткі.

Штодня ў раённым музеі новыя наведвальнікі экспазіцыі. Яны падоўгу затрымліваюцца ў новай сацыяльнай зале “Творчасць без межаў”, дзе сабраны дзясяткі вельмі прыгожых, адметных работ майстроў Клічаўшчыны. Для многіх з іх удзел у гэтай выставе – першы заўважны поспех. І творцы, і калектыў музея заклікаюць клічаўлян і ўсіх нашых гасцей: “Будзьце разам з намі! Будзьце на тэрыторыі поспеху!”.

Ніна ІЗОХ.

крыніца: http://www.klichew.by/u-klicha%d1%9eskim-krajazna%d1%9echym-muzei-pracjagvaecca-rjealizacyja-inicyjatyvy-tvorchasc-bez-mezha%d1%9e/

503