НА КЛІЧАЎШЧЫНЕ ПАЧАЎ ДЗЕЙНІЧАЦЬ МУЗЕЙ ДРЭВА

Лясы — гэта не толькі цудоўны і дзіўны ўбор зямлі… Лясы — найвялікшая крыніца здароўя і натхнення. А яшчэ гэта — велічэзныя зялёныя лабараторыі, якія выпрацоўваюць кісларод, фільтруюць атрутныя газы і пыл і захоўваюць планету ад удушша і знішчэння. Бадай, няма таго чалавека, які б не ласаваўся яго дарамі, грыбамі ды ягадамі, які б у любую пару года, не імкнуўся пахадзіць па лясных сцежках, падыхаць яго гаючым паветрам і наталіць душу прыгожымі краявідамі.

Над ініцыятывай “ Сельскі музей дрэва ў аграэкасядзібе «Усохі» ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» на працягу года адказна і сумленна працаваў Юрый Уладзіміравіч Грынюк з невялікай камандай аднадумцаў. Яго падтрымлівалі раённы выканаўчы камітэт, Бацэвіцкі сельвыканкам, раённая арганізацыя Беларускага аб’яднання інвалідаў, адказныя прадстаўнікі ПРААН і іншыя неабыякавыя людзі.

Важна заўважыць, што праект рэалізуецца Праграмай развіцця Арганізацыіі Аб’яднаных Нацый пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Грант Еўрасаюза на рэалізацю ініцыятывы склаў 25 060 еўра, сума сафінансавання складзе 20 366 еўра.

Ёсць у аграсядзібе гаспадыня – Людміла Аляксандраўна Данільчык, старшыня раённай арганізацыі Беларускага аб’яднання інвалідаў. Юрый Уладзіміравіч даручыў ёй весці гаспадарку, бо вельмі спадзяецца, што ў гэтай мудрай і добрай жанчыны хопіць энергіі і таленту, каб і музей быў заўсёды адчынены для наведвальнікаў, каб і хата прыбраная была і двор быў у кветках.

Прыгажэй за нашу Клічаўшчыну няма месца на зямлі. І славіцца яна не толькі непаўторнымі прыроднымі краявідамі і лясамі, але і мудрымі ды працавітымі людзьмі. А яшчэ добрымі традыцыямі, абрадамі ды песнямі.

Па ўсіх канонах беларускіх нацыянальных традыцый адкрывалі аграэкасядзібу . Перш чым запрасіць гасцей у хату, усіх прысутных прывіталі Ігар Мікалаевіч Панцялееў, намеснік старшыні райвыканкама, і Кірыл Сцежкін, каардынатар па тэрытарыяльна арыентаванаму развіццю ПРААН.

Затым, зберагаючы традыцыі продкаў, першым у хату запусцілі пеўня. Маецца на ўвазе, што гэта хатняя птушка сваім гарластым спевам адпужне гасцей няпрошаных ды ўсялякую нячыстую сілу адвадзіць. Услед за ім катка з дзяўчынкай запусцілі як сімвалы мяккасці, хатняй утульнасці і бясконцасці роду чалавечага. Потым гаспадыня Людміла клубок чырвоных нітак кінула, а гаспадар іх да поясу прывязаў і ўсім гасцям узяцца за нітку прапанаваў, каб усім разам у адным звязку на ўлазіны прыйсці, шчасце, дастатак ды дабрабыт ў хату прынесці.

А хата на новы манер аздоблена дрэвам. Шырокія драўляныя панэлі на сценах і на столі прыдаюць непаўторны від памяшканню, а ледзь улоўны водар свежых габляваных дошак напаўняе яе лясным духам.

Як і належыць, у чырвоным куце – ікона, упрыгожаная вышыванымі ручнікамі, стол, багата ўстаўлены ежай.

Супрацоўніца раённага музея Лідзія Лук’янаўна Ачыновіч правяла вельмі цікавую экскурсію і расказала шмат новага пра звычайныя рэчы сялянскага побыту. Тут ўжо маецца больш за 50 адзінак экспанатаў. У асноўным гэта старадаўнія вырабы і прылады працы, якія знаёмяць нас з рамесніцтвам і побытам людзей, якія жывуць у нашым раёне. Да месца будзе заўважыць, што многія вяскоўцы паабяцалі папоўніць экспазіцыю, прынесці ў музей і свае рэчы, што захаваліся ў іх хатах. Затым госці паўдзельнічалі ў майстар класах, а правялі іх народныя ўмельцы, майстры па дрэве Уладзімір Дзяржанскі і Пётр Заікін, майстар па пляценні з лазы Галіна Паражынская.

Адшумелі ўлазіны, раз’ехаліся госці. У сядзібе, якая складаецца з двух памяшканняў: рэканструяванага будынка школы і хаты для персанала — і пачынаецца новы адлік часу. Вельмі хочацца, каб быў ён плённы, багаты на жадаючых адпачыць і правесці час у аграэкасядзібе і музеі дрэва.

Аліна СУДНІК.

крыніца http://www.klichew.by/na-klicha-shchyne-pacha-dzejnichac-muzej-drjeva/

447