Разам жылі, разам змагаліся

Інтэрнацыянальнае братэрства Клічаўскай партызанскай зоны
У гады Вялікай Айчыннай вайны Клічаўскі раён стаў самай буйной у Беларусі партызанскай зонай (18 тысяч партызанаў). Барацьба з ворагам тут мела ўсенародны характар. Салдатамі былі ўсе: мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці. У складзе партызанскіх фармаванняў змагаліся прадстаўнікі 67 нацыянальнасцяў.

Гэта быў час, калі ўсе народы вялізнага Савецкага Саюза дружна паўсталі на абарону Радзімы. Прычын шматнацыянальнасці атрадаў нашай партызанскай зоны было шмат. У перадваенны перыяд на Магілёўшчыне жылі і працавалі людзі розных нацыянальнасцяў. Партызанамі сталі і тыя шматлікія чырвонаармейцы, якія аказаліся ў тыле ворага і не здолелі прабіцца да лініі фронту. Далёка не адзінкавымі былі выпадкі добраахвотнага пераходу на бок партызанаў ваеннаслужачых нямецкай арміі — ураджэнцаў краін Заходняй Еўропы, мабілізаваных у прымусовым парадку.

У 277-м партызанскім палку (камандзір І. Ізох) беларусы складалі палову асабовага складу, рускія — 32 працэнты, украінцы — 10, 8 працэнтаў — прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.

Герой і паэт…

Немалы ўклад у разгортванні партызанскай барацьбы на Клічаўшчыне ўнеслі прадстаўнікі рускага народа. Пётр Яхантаў узначаліў Магілёўскую абласную ваенна-аператыўную групу. Лейтэнант Чырвонай арміі Рыгор Паўлаў арганізаваў і ўзначаліў 61-шы партызанскі атрад. Цяжкія дарогі вайны прывялі на беларускую зямлю ўраджэнца Варонежскай вобласці Віктара Лівенцава. У адным з няроўных баёў 37-мы стралковы полк 56-й стралковай дывізіі, у якім ён служыў, быў разбіты. Лівенцаў стаў адным з арганізатараў Бабруйскага падполля, арганізаваў і ўзначаліў 752-гі партызанскі атрад. Удзельнік разгрому нямецка-паліцэйскага гарнізона ў Клічаве 20 сакавіка 1942 года. Удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Уладзімір Нічыпаровіч — родам з Маскоўскай вобласці, палкоўнік, камандзір 208-й мотамеханізаванай дывізіі, якая вяла жорсткія баі пад Беластокам. Разам з байцамі ён двойчы трапляў у акружэнне. З групай ваенаслужачых прабіўся ў Мінск і ўстанавіў сувязь з падпольшчыкамі. Група пачала дзейнасць у падполлі, потым перарасла ў партызанскі атрад. Пасля жорсткіх баёў у канцы сакавіка 1942-га атрад прыбыў у Клічаўскі раён. Тут Нічыпаровіч стварыў ваенна-аператыўную групу і, як старшы па званні, узначаліў яе. Партызанскі атрад імя Сталіна пад камандаваннем Нічыпаровіча стаў самым буйным на Клічаўшчыне (больш за 600 партызанаў). У 1943 годзе атрад перарос у партызанскі полк. Ён правёў больш за 400 баявых аперацый, разграміў варожыя гарнізоны ў Пухавічах, Градзянцы Асіповіцкага раёна, Сушы Клічаўскага, Мацевічах Бярэзінскага, Бялынічах.

Пра смеласць маладога партызана Іскандэра Алазава хадзілі легенды. Грузін, ад’ютант камандзіра 278-га спецатрада. Вынес з поля бою ў вёсцы Салтанаўка цяжкапараненага камандзіра ўзвода Мікалая Пінчука.

Усе асабліва важныя заданні ў 15-м партызанскім атрадзе даручалі роце, камандзірам якой быў калмык Міхаіл Хонінаў. Прытызаны назвалі яго Міша Чорны. За галаву народнага мсціўца фашысты абяцалі дзесяць тысяч марак, але злавіць яго так і не здолелі. Пасля вайны Хонінаў стаў паэтам, шмат напісаў пра партызанскаую барацьбу на Клічаўшчыне. Адзін з яго зборнікаў так і называецца “Міша Чорны — гэта я”. На вершы паэта Надзея Ліхабабіна напісала музыку. Зборнікі вершаў і песень з дарчымі надпісамі захоўваюцца ў нашых музейных фондах. У пасляваенныя гады Хонінаў часта прыязджаў на Клічаўскую зямлю. Яму прысвоена званне ганаровага калгасніка калгаса “Савецкая Беларусія”, імя калмыка носіць адна з вуліц аграгарадка Колбча.

Мастак…

Да катэгорыі “іншыя нацыянальнасці” можна аднесці яўрэя Зуся Шкляра, ураджэнца Украіны. У гэтага байца былі “залатыя рукі”. Ён мог адрамантаваць гармату, кулямёт любой сістэмы, друкарскую машынку, гадзіннік, пашыць боты. А самае галоўнае — ён вельмі добра маляваў. Для партызанскай газеты ствараў дасціпныя карыкатуры на ворага і сам выразаў клішэ на свінцовых пласцінках. Хутка асвоіў наборныя касы: дапамагаў набіраць газету і лістоўкі.

Пасля вайны Зусь Шкляр стаў мастаком, напісаў мноства работ сюжэтна-тэматычнага характару, ствараў і пейзажы. Натуральна, значнае месца ў сваёй творчасці прысвяціў партызанскім будням і баявым таварышам.

Шкляр — аўтар карцін “Пасля баявога вылету” (1978), “Партызанская разведка” (1983). У нашым музеі экспануецца яго работа “Клічаўскія партызаны” (1986). На першы погляд, на карціне адлюстравана проста група партызан. Але твары і знешні выгляд сваіх таварышаў Шкляр напісаў з такой дасканаласцю і з такой любоўю, што ў кожным адразу можна пазнаць канкрэтнага чалавека. На пярэднім плане — камандзір атрада Ізох, сакратар падпольнага райкама партыі Заяц, старшыня падпольнага райвыканкама Вікторчык; злева — жанчына — другі сакратар падпольнага райкама камсамола Шамаль. На заднім плане адлюстраваны партызан з супрацьтанкавай стрэльбай на плячы — гэта Шкляр напісаў сябе. Менавіта ён адказваў за транспарціроўку і выкарыстанне гэтай зброі, якая важыла 16 кілаграмаў.

Урач і спартсмен…

Абавязкі пракурора Клічаўскай партызанскай зоны ва ўмовах ваеннага часу выконваў баец 278-га спецатрада азербайджанец Уладзімір Парсаданаў. У баі за Клічаў 20 сакавіка 1942 года быў смяротна паранены латыш Іван Вітоль, імя якога носіць адна з вуліц райцэнтра.

Жан-Мары, француз, капітан медыцынскай службы нямецкай арміі добраахвотна перайшоў на бок партызанаў і змагаўся супраць фашыстаў у партызанскіх злучэннях Клічаўшчыны. Урач з Версаля, вядомы ў Францыі спартсмен-стралок, ён валодаў калекцыяй пісталетаў, з дапамогай якіх у спартыўнай барацьбе заваяваў сабе славу, медалі і прызы. Прыйшлі немцы і выдалі загад пра абавязковую здачу зброі. Жан-Мары загад не выканаў, схаваў свае пісталеты. Але на яго данеслі — трапіў у канцлагер. Потым быў накіраваны на Усходні фронт. На тэрыторыі Магілёўшчыны перайшоў на бок партызанаў. У лістападзе 1943-га быў артыштаваны немцамі ў Магілёве. Далейшы лёс невядомы.

Актыўны ўдзел у барацьбе супраць гітлераўцаў прымалі аўстрыйскія антыфашысты Фрыдрых Піецкі і Отта Нікель, якія ў сакавіку 1943 года ўступілі ў 208-мы партызанскі атрад імя Сталіна радавымі байцамі. Потым Піецкі стварыў інтэрнацыянальны ўзвод, які праз месяц пераўтварыўся ў буйную баявую адзінку. У ліку сарака яго байцоў, акрамя аўстрыйцаў і немцаў, былі венгры, французы, славакі. Узвод адрозніваўся высокай дысцыплінаванасцю і не менш высокай баявой актыўнасцю.

Украінцы Міхаіл Грыцан і Мікалай Ільвоўскі, башкір Хамат Фалетаў і адыгеец Міхаіл Каконцаў, дагестанец Кучук Інарокаў, армянін Аганес Хачатар’ян і казах Васілій Конараў… Гэты спіс можна працягваць. А можна проста падсумаваць: інтэрнацыяналізм баявой садружнасці. Яны разам жылі, разам змагаліся, выносілі адзін аднога з поля бою і не шкадавалі для гэтага свайго жыцця.

Наталля ХРАМЯНКОВА, дырэктар Клічаўскага краязнаўчага музея
Культура - № 13 (1452) 28.03.2020 - 03.04.2020 г http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=17029

885