Дзень таты

21 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень таты.

Быхаўскі гісторыка-краязнаўчы музей жадае Вам распавесці пра ўраджэнца Быхаўшчыны, вядомага сваім ваенным мінулым і заслугамі, праз прызму бацькоўства. Гаворка пойдзе пра Аляксандра Апанасавіча Мазурава, які нарадзіўся ў 1883 г. у вёсцы Грудзінаўка.

Мазураў – удзельнік рэвалюцыі 1905-1907 гг., а таксама ўдзельнік паўстання на браняносцы “Пацёмкін”, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга.

З 10 гадоў Аляксандр працаваў у маёнтку ў Грудзінаўцы. У 1904-1905 гг. служыў на браняносцы “Пацёмкін”. За ўдзел у паўстанні быў асуджаны на 10 гадоў катаргі, якую адбываў з 1906 па 1908 г. у Харбіне і Чыце, а потым быў памілаваны. З 1908 па 1910 гг. служыў у царскай арміі. У 1910-1914 гг. працаваў на Радзіме кавалём, потым механікам у маёнтку графа Талстога. У I-ю Сусветную вайну Мазураў – радавы, унтэр-афіцэр царскай арміі. У 1918-1941 гг. працаваў кавалём і механікам у саўгасе “Грудзінаўскі”, потым на Грудзінаўскім спіртзаводзе. У часы Вялікай Айчыннай вайны займаўся сельскай гаспадаркай. Пасля вайны працаваў у саўгасе “Грудзінаўскі” кавалём, механікам на спіртзаводзе, вартаўніком у школе.

Узяў у сваю сям’ю і выгадаваў разам з жонкай Ганнай Андрэеўнай трох прыёмных дзяцей: у 1915 г. аднагадовага Алёшу, у 1942 г. – 12-гадовага Мікалая і 6-гадовую Тоню Рудаковых.

Першы сын Алёша ў 1935 г. вучыўся ў Віцебскім медыцынскім тэхнікуме. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Аляксей загінуў на фронце.

Мікалай і Тоня у 1942 г. цудам уратаваліся з вёскі Красніца, якую спалілі захопнікі разам з людзьмі. У тым вогнішчы згарэлі маці і іншыя родзічы Мікалая і Тоні, і дзеці вырашылі пайсці ў Грудзінаўку да хроснай маці Ганны Андрэеўны і Аляксандра Апанасавіча Мазуравых.

З успамінаў Антаніны Рудаковай, прыёмнай дачкі Мазурава Аляксандра Апанасавіча:

“Трагічны лёс зрабіў мяне прыёмнай дачкой марака з браняносца “Пацёмкін”. Здарылася гэта ў ліпеньскі вечар 1942 г., калі нам са старэйшым братам Мікалаем цудам удалося вырвацца з вёскі Красніца, якую спалілі гітлераўцы разам з людзьмі. У гэтым страшэнным вогнішчы згарэлі наша маці і іншыя родзічы.

Жах перажытага і надыходзячая ноч прывялі нас у Грудзінаўку, у хату Ганны Андрэеўны і Аляксандра Апанасавіча Мазуравых, якія сталі нашымі другімі бацькамі. У гэтай сям’і я знайшла дах над галавой, бацькоўскую ласку.

…Тата быў сярод тых, хто быў арыштаваны і засуджаны. Суровыя ўмовы катаргі адбіліся на яго характары. Але за вонкавай суровасцю ў Аляксандра Апанасавіча хавалася шчырае, пяшчотнае сэрца.

…Тату вельмі падабаліся мужныя людзі. Я памятаю, з якім хваляваннем чытаў ён раман Э. Войніч “Авадзень”.

Памёр Аляксандр Апанасавіч Мазураў у 1957 г.

#быхов #история

#быхаў #гісторыя

489