Аркадзь Смоліч. Жыцце за Беларусь.

У 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі зусім лагічна звярнуцца да дзейнасці тых навукоўцаў, якія ўсе жыцце прысвяцілі вывучэнню і захаванню народных традыцый, мовы сваіх продкаў, садзейнічалі станаўленню беларускай дзяржаўнасці.

Адной з найярчэйшых асоб беларускай навукі з’яўляецца Аркадзь Смоліч, ураджэнец вескі Бацэвічы сучаснага Клічаўскага раена. Народны сакратар асветы і намеснік старшыні Рады БНР, старшыня Цэнтральнага бюро краязнаўства Беларусі і рэдактар газеты «Грамада», першы беларускі прафесар геаграфіі, надзейны сябар і клапатлівы сем’янін - усё гэта ён, Аркадзь Антонавіч Смоліч.

Аб навуковай і грамадскай дзейнасці Смоліча напісана шмат даследванняў. Біеграфы - краязнаўцы прасачылі падзеі яго жыцця, шмат цікавых матэрыялаў знаходзіцца ў літаратурным музеі Максіма Багдановіча. На радзіме вучонага, у Бацэвіцкай школе маецца невялікі мемарыяльны комплекс таленавітага земляка, супрацоўнікі раённага музея ў час экскурсіі па экспазіцыі звяртаюць увагу наведвальнікаў на ўласныя рэчы Аркадзя Антонавіча, запрашаюць перагарнуць старонкі яго славутага падручніка “Геаграфія Беларусі”, выдадзенага ў 1919 годзе ў Вільні.

Пажоўклыя ад часу старонкі кнігі напоўнены адначасова замілаваннем, болем за будучыню і светлым гумарам. Вось як апісвае Аркадзь Антонавіч

беларускі характар: “Беларус добры гаспадар, шануе капейку, а крыху можа і скупаваты. Гэта не перашкаджае, аднак, яму быць вельмі гасцінным… Падарожнага ў беларускай хаце вельмі ахвотна прыймуць, накормяць, і не толькі ня возьмуць за гэта платы, але яшчэ й падзякуюць, што зайшоў…”

Краязнаўчыя пошукі не маюць межаў, і вось таленавіты вучоны, грамадскі дзеяч раскрываецца ў некалькі нечаканым, новым ракурсе.

Аказваецца, Аркадзь Смоліч быў заўзятым тэатралам, этнографам, запісваў цікавыя гісторыі, казкі, паданні. А яго п’еса “Хай будзе згода!” выразіла мары і спадзяванні многіх пакаленняў беларусаў. Словамі галоўнага героя драмы Васіля Аркадзь Антонавіч выказаў сваю запаветную мару:

«І асвецім мы старонку нашу святлом праўды, шчаслівымі зробім людзей ўсіх. Тады не будзе слез, не будзе крыві і поту. Зямля аддыхне ад векавога гора...”

Атрымаўшы пасаду народнага сакратара асветы Беларускай Народнай Рэспублікі, Аркадзь Смоліч горача ўзяўся за нацыянальнае культурнае адраджэнне. За невялікі перыяд ен са сваімі аднадумцамі зрабіў так шмат ў гэтым накірунку, што яго дзейнасць цяжка перацаніць! Найбольшых поспехаў БНР дасягнула менавіта ў развіцці адукацыі і культуры.

Дзяржаўнай мовай новай рэспублікі была абвешчана беларуская.

У сталіцы працавала беларуская гімназія, падрыхтоўка будучых настаўнікаў ажыццяўлялася ў Менскім педагагічным інстытуце, а перападрыхтоўка - на курсах беларусазнаўства. Лекцыі тут чыталі Варонка, Грыб, Ігнатоўскі, Лёсік, Смоліч і іншыя. У красавіку 1918 г. заснавана Менская вышэйшая музычная школа, якая ў тым жа годзе была перайменавана ў Беларускую кансерваторыю. У сталіцы працавалі дзяржаўныя выдавецтвы і выходзілі газеты, развівалася тэатральнае мастацтва, адкрылася больш за 300 беларускіх школ і 12 гімназій.

У красавіку 1918 г. створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Беларускага універсітэта ў Менску. У планах урада БНР было таксама адкрыццё сельскагаспадарчага і політэхнічнага інстытутаў.

Па ініцыятыве Івана Луцкевіча ў 1918 г. створана першая беларуская навуковая ўстанова - Беларускае навуковае таварыства ў Вільні. На аснове калекцый Луцкевіча ў Вільні і Менску была праведзена першая мастацкая выстаўка.

Кіпучая творчая энергія Аркадзя Смоліча была накіравана і на развіцце беларускага тэатральнага мастацтва. Яшчэ летам 1913-го Аркадзь знаёміцца з Фларыянам Ждановічам, Усеваладам Фальскім, іншымі нацыянальнымі тэатральнымі дзеячамі. Яшчэ адна запаветная мара Смоліча збываецца. Разам яны ствараюць спачатку Першую беларускую тэатральную трупу, а пазней — Беларускі хор. Іх пастаноўкі і канцэрты збіралі шмат гледачоў, выклікалі незвычайную цікавасць. Аркадзь Смоліч пісаў, што гэта былі найшчаслівейшыя часы яго жыцця! Цяпер жа пад апекай урада БНР працавала створанае Ф. Ждановічам Першае таварыства беларускай драмы і камедыі з хорам, аркестрам народных інструментаў і танцавальнай групай.

Пры ўрадзе БНР былі заснаваны бюро для падрыхтоўкі падручнікаў і выдавецтва "Прасвета". Аднаўляла сваю дзейнасць Беларускае выдавецкае таварыства. Працавалі таксама выдавецтвы Народнага Сакратарыята БНР, выдавецкія таварыствы "Бацькаўшчына", "Крыніца". Пачалі выходзіць і газеты.

У БНР разгортваўся масавы культурна-асветны рух.

Агульны настрой Аркадзя Смоліча і яго паплечнікаў, мабыць, можна было б перадаць радкамі яго верша, напісанага яшчэ ў юнацтве:

Часам я ў ночы сны дзіўныя бачу:
Роіцца нейкі нязведаны край.
Повен то шчасця, то радасці – плачу,
То зло хмурлівы, то светлы, як рай!
Хочацца быць мне ў тым краю каханым,
Хочацца край той абняць з прастаты,
Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы,
Будзь мне як маці, будзь родным мне ты!

Роднай Беларусі Смоліч прысвяціў больш за 30 навуковых прац , якія закраналі пытанні эканомікі, картаграфіі, навуковай беларускай тэрміналогіі.

На жаль, бліскучы розум Аркадзя Смоліча не змог перамагчы сілу сталінскага рэжыму. У ноч з 17 на 18 чэрвеня 1938 года ў Омскай турме для палітычных зняволеных таленавіты вучоны быў расстраляны.

Засталіся незавершанымі навуковыя працы, недачытанымі лекцыі, ненапісанымі п’есы, вершы. Асірацелі трое дзяцей Аркадзя Антонавіча і яго родныя, а Беларусь асірацела яшчэ на аднаго свайго вернага сына.

Лідзія Ачыновіч,
навуковы супрацоўнік Клічаўскага краязнаўчага музея

773