Па слядах літаратурных герояў рамана Фларыяна Чарнышэвіча "Надбярэзінцы"

Напрыканцы кастрычніка, у адзін з сонечных восеньскіх дзён, адбылася музейная краязнаўчая экспедыцыя ў далекае мінулае Клічаўшчыны, якая прыадкрыла яшчэ адну таямніцу нашай гісторыі.

На працягу некалькіх апошніх год, з моманту з’яўлення ў зарубежным друку рамана Ф. Чарнышэвіча “Надбярэзінцы”, краязнаўцы, літаратары, аматары даўніны шукалі мясціны, якія згадваў у сваім таленавітым рамане аўтар, ураджэнец Клічаўшчыны. Некалькі папярэдніх краязнаўчых вандровак не далі адназначнага адказу. У аўтабіяграфічным рамане Фларыян Чарнышэвіч расказаў пра жыццё невялікіх шляхецкіх хутароў на землях, што пазней склалі тэрыторыю Клічаўскага раёна.

У 2011 годзе члены Беларускага студэнцкага этнаграфічнага таварыства здзейснілі вандроўку, якая падцвердзіла, што шляхта здаўна жыла ў вёсках Аколіца, Турчылоў, Мікалаеўка, Анатолеўка, Дубраўка, Аляксееўка, Дзмітраўка, Буднеў, Галішчына, Рэпішча, Ганаратаў, Кабылянка і іншых. На некаторых могілках захаваліся сляды польскіх пахаванняў, старыя надмагільныя камяні, помнікі з надпісамі на польскай мове. Летам 2017 года экспедыцыя краязнаўцаў ізноў шукала сляды “надбярэзінцаў” ў накірунку Несяцкага і Каўбчанскага сельскіх саветаў, і імкнулася знайсці сляды продкаў Чарнышэвіча і вёскі, названыя аўтарам - Аколіца, Вонча, Смалярня, Вежгайлава, Ніты, Жужлы…

І толькі восень 2018, здаецца, падказала разгадку таямніцы. У адзін з дзён у музей завіталі нечаканыя госці – родзічы пісьменніка, якія пражываюць зусім побач, у Кіраўску. Ірына Рэва (Чарнышэвіч), перадала музею некалькі дакументаў і фотаздымкаў з архіва сям’і і павяла нашу экспедыцыю зусім у іншым напрамку, у накірунку Убалацця. Тут калісьці размяшчаліся польскія хутары – засценкі. На карце раёна ўжо няма такіх населеных пунктаў як Перасека-1, Перасека-2, Баравуха-1, Баравуха-2, якія, раскарчаваўшы лес, заснавалі вялікія і працавітыя шляхецкія сем’і.

Цяпер у наваколлі ізноў узняўся лес, а недалёка ад дарогі засталіся старыя могілкі на якіх яшчэ згадваюцца магілы, пакой мінулага берагуць надмагільныя крыжы…

Тут ужо запланаваны работы па ачышчэнню прылягаючай тэрыторыі, каб памяць не згубілася ў віхуры часу.

Лідзія Ачыновіч,
ст. навуковы супрацоўнік Клічаўскага краязнаўчага музея

583