Мы родам з БССР


Усе мы родам з БССР. Нават тыя, хто неадназначна адносіцца да складанай гісторыі стварэння і станаўлення нашай краіны.

100 год з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі – цэлая эпоха ў гісторыі, якая праіснавала амаль усё XX стагоддзе і стала фундаментам для сучаснай беларускай дзяржаўнасці.
Дакрануцца да гісторыі краіны, раёна, прадпрыемства, асобнай сям’і, чалавека можна ў музеі, дзе ў гэтыя дні фарміруецца выстава “100 год БССР.

Дасягненні. Людзі. Лёсы”. А пакуль выстава рыхтуецца да адкрыцця, супрацоўнікі музея падрыхтавалі шэраг цікавых мерапрыемстваў для школьнікаў і студэнтаў каледжа.

Першымі экспертамі, якія пратэсціравалі музейны занятак, прысвечаны 100- годдзю БССР сталі старшакласнікі Дзмітраўскай школы. Актавая зала школы на некаторы час ператварылася ў месца, дзе аднавілі працу народныя камісарыяты (наркаматы), якія павінны былі прымаць важныя дзяржаўныя рашэнні ў першыя гады існавання краіны. Як у кароткі час перамагчы непісьменнасць? Якія меры прыняць, каб умацаваць грашовую сістэму маладой дзяржавы? Першы савецкі ордэн, якім ён павінен быць? Закупіць амерыканскія “Фардзоны” для сельскай гаспадаркі, ці асвоіць вытворчасць трактараў самім?...

Стаўшы на некаторы час дзяржаўнымі дзеячамі, школьнікі сур’ёзна аднесліся да праблемных пытанняў, не абышлося і без палітычных дэбатаў. А гэта і ёсць той важны момант, які амаль не пакідае раўнадушных сярод удзельнікаў мерапрыемства такой складанай тэматыкі.

Крыху па-іншаму развіваліся падзеі ў экспазіцыі раённага музея, калі на музейны занятак завіталі старшакласнікі Запольскай школы. Яны не толькі азнаёміліся з будучай выставай па гісторыі стварэння і станаўлення беларускай дзяржавы, не толькі прынялі ўдзел ў вырашэнні дзяржаўных праблем, але і асвоілі інтэрактыўную зону, адкрытую ў выставачнай зале. Школьнікі з цікавасцю спрабавалі справіцца з піянерскім горнам і барабанам, знайсці на старым глобусе нашу маленькую Беларусь і асвоіць правапіс пёравай ручкай у сшытку ў “касую лінейку”.

Зусім нечакана і для настаўнікаў, і для нас, музейных супрацоўнікаў, найскладанейшая тэма 100 - годдзя БССР атрымалася цікавай і нават захапляльнай для дзяцей.

У больш сур’езным фармаце запланаваны такія сустрэчы з навучэнцамі аграрна - тэхнічнага каледжа.

Ініцыятарамі і саюзнікамі музея ў правядзенні шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных значным дзяржаўным датам, сталі актывісты Клічаўскай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, настаўнікі і адміністрацыя школ раёна.

Л.Ачыновіч
Ст. навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея.



Вучні Запольская СШ у час музейнага занятку
Навучэнцы Запольская СШ у час музейнага занятку2